«НО́ВАЯ ХВА́ЛЯ»,

кірунак у франц. кіно на мяжы 1950—60-х г., які садзейнічаў абнаўленню стылістыкі кінарэжысуры і дэмакратызацыі кінамастацтва. Тэрмін узнік у франц. друку. Для рэжысёраў гэтага кірунку характэрны адмаўленне ад стварэння дарагіх камерцыйных фільмаў, імправізацыйныя метады здымкі, пераважна ў натуральным асяроддзі і рэальных інтэр’ерах, цікавасць да жыцця маладога пакалення, скептычнае стаўленне да традыц. маральных каштоўнасцей. У рэчышчы «Н.х.» працавалі Ф.​Труфо, К.​Шаброль, Л.​Маль, Ж.​Л.​Гадар, А.​Рэнэ, А.​Варда, А.​Аструк, Ж.​Франжу і інш., а таксама дакументалісты, якія абвясцілі лозунг «сінема-верытэ» («кіно-праўда», К.​Маркер, Ж.​Руш, Ф.​Рэйшэнбах і інш.). У сярэдзіне 1960-х г. выявілася слабасць «Н.х.», звязаная з аўтарскім эгацэнтрызмам, павярхоўнай трактоўкай драм. канфліктаў, празмерным захапленнем фармальнымі прыёмамі. Аднак дзякуючы «Н.х.» з’явілася свабодная і натуральная рэжысёрская манера, распрацаваны новыя сродкі экраннай выразнасці (рухомая камера), новыя прынцыпы мантажу (незакончанасць эпізодаў, несупадзенне адлюстравання і гуку), пашырыліся межы сінтэзу традыц. жанраў. Франц. кіно папоўнілася новымі акцёрамі (Ж.​П.​Бельмандо, Ж.​Маро, А.​Дэлон, Ж.​К.​Брыялі, Ж.​Л.​Трэнтыньян, К.​Дэнёў, А.​Карына), аператарамі (А.​Дэке, Р.​Кутар, Ж.​Раб’е, С.​В’ерні і інш.), кампазітарамі (М.​Легран, М.​Жар і інш.). Асобныя тэмы, матывы, маст. прыёмы «Н.х.» ўзбагацілі мову кіно і атрымалі пашырэнне ў розных кінематаграфіях.

Літ.:

Божович В. О «новой волне» во французском кино // Вопросы киноискусства. М., 1964. Вып. 8;

Жанкола Ж.П. Кино Франции. Пятая республика (1958—1978): Пер. с фр. М., 1984.

В.​Ф.​Нячай.

т. 11, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)